Web Analytics

See also ebooksgratis.com: no banners, no cookies, totally FREE.

CLASSICISTRANIERI HOME PAGE - YOUTUBE CHANNEL
Privacy Policy Cookie Policy Terms and Conditions
Штраймл - Вікіпэдыя

Штраймл

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.




Гэты артыкул зьяўляецца выбраным. Мы ўпэўнены, што ён — адзін з лепшых у беларускай Вікіпедыі. Калі Вы напісалі ці пабачылі артыкул не горшай якасці, калі ласка, прапануйце яго ў выбраныя.
Штраймл
Павялічыць
Штраймл

Штра́ймл (ласкальная форма ад слова «штрам» — шапка) — галаўны ўбор хасыдаў, які тыя носяць толькі ў асабліва ўрачыстых выпадках (у суботу, сьвята, на вясельле ці калі сустракаюцца з рэбэ).

[рэдагаваць] Гісторыя

Адна з вэрсій абвяшчае, што ў часы выгнаньня габрэяў з Гішпаніі іх жадалі зьняважыць, прымушаючы насіць на галаве футру «нячыстай жывёліны» — хвост лісы, каб адрозьніваць габрэяў ад іншых народаў. Але габрэі ператварылі гэты «знак ганьбы» ў «знак адрозьненьня». Тое ж здарылася і з магэндавідамі, якія прымушалі насіць габрэяў.

Колькі скурак ідзе на штраймл — столькі і легенд аб іх складзена. Гавораць, што фундатар хасыдызму Бааль шэм Тоў насіў акрамя штраймл, яшчэ і чалму. Па іншай легендзе — футравыя шапкі з дарагой футры насілі багацеі і арыстакраты, а габрэі проста перанялі гэтую моду.

Паводле рава Ісраэля Гліса папулярызацыі штраймла спрыяла тое, што пасьля падзелу Рэчы Паспалітай значная яе частка перайшла да Расеі, габрэі апынуліся ў «рысе аселасьці», ім было забаронена насіць штраймл. Таму, калі габрэі вырваліся з Расеі, то перш за ўсё яны апранулі штраймл як знак вольнасьці і свабоды.

Зрэшты, падобныя футравыя шапкі насілі ня толькі хасыды. Гісторыя распавядае, што падобныя галаўныя ўборы насілі пасьлядоўнікі віленскага гаёна.

Адна легенда распавядае, што аднойчы рабі Шахна гуляў з князем Радзівілам у шахматы і прайграў яму свой штраймл. Як не прасіў рабі, князь не вяртаў яму шапку. А прысьпеў час выдаваць дачку замуж. І пакуль не сабраліся габрэі, і не купілі рабі Шахна новы штраймл, ён ня мог выдаць дачку замуж. Адгэтуль можна зрабіць выснову, што ў той час штраймл лічыўся сьвятым прадметам.

Некалі гэты галаўны ўбор быў дакладным паказчыкам эканамічнага становішча яго ўладальніка. Праўда, і зараз ён каштуе нямалых грошай. Бедныя насілі штраймл з неапрацаваных хвастоў. Такія шапкі былі цяжкімі, і можна было палічыць, колькі там хвастоў. А па галечы насілі і штраймл з простага авечага футра. Людзі сярэдняга дастатку насілі лісіны штраймл, а заможныя — з собаля (на ідышсойбл, на іўрыцецобел). Штраймлы час ад часу відазьмяняліся, на іх таксама была своеасаблівая «мода». Самыя сьціплыя мадэлі ўяўлялі сабой звычайную скураную шапку з абвітым вакол яе адным лісім хвастом. Некаторыя насілі шапкі з 13 хвастоў — па ліку 13 «мідот рэхамім» — мер літасьці. Было таксама 18 хвастоў — па гіматрыі ліку חי — жыцьцё, або 26 — па гіматрыі аднаго з імёнаў Госпада. У кожнай суполцы — свая мадэль, і па выглядзе штраймла, можна вызначыць, да якіх хасыдаў адносіцца ўладальнік.

На шматлікіх карцінах габрэяў паказваюць у штраймле, і гэты галаўны ўбор стаў адметным прадметам габрэяў.

[рэдагаваць] Тыпы штраймл

Існуе болей за 20 тыпаў штраймлаў. Звычайна гэта чорная аксамітавая ярмолка, аблямаваная чорнымі або карычневымі лісімі хвастамі. У першым набліжэньні можна вылучыць тры вялікія групы штраймлаў:

  • уласна штраймл — шырокі і нізкі, правільнай цыліндрычнай формы;
  • чарнобыль — нізкія і шырокія нястрогай формы, кудлатыя;
  • сподзік — высачэзная чорная цыліндрычная шапка.

Просты штраймл носяць вугорскія, галіцыйскія і румынскія хасыды, касматы чарнобыль — украінскія, а сподзік — польскія і беларускія хасыды. Існуюць адмысловыя фасоны штраймлаў, якія носяць ня цэлыя суполкі, а толькі іхнія старшы́ні — рабэім. Да гэтай групы можна аднесьці собл або цойбл — высокі штраймл з сабалінага футра (у такім хадзіў, напрыклад, нябожчык рэбэ з Богуша), каўпак — штосьці сярэдняе паміж сподзікам і штраймлам (такую шапку насіў Любавіцкі Рэбэ Ёсель-Іцхак Раяц); старшыні розных хасыдзкіх двароў Ружынской дынастыі носяць звычайны штраймл, але ярмолка, ушытая ў яго, не купалападобная, а конусападобная, востраканцовая (штраймл з высокім верхам). У віжніцкіх хасыдаў на штраймле больш хвастоў, і выглядае такі штраймл пышнейшым, але ён і цяжэйшы.

Апроч штраймла, ёсьць яшчэ і колпік. Такую шапку носяць на ўрачыстыя мерапрыемствы, якія праходзяць у буднія дні, каб адрозьніваць іх ад суботы. Колпік робіцца не з хвастоў, а з скуры собаля. Габрэі Польшчы насілі таксама «сподзік». Гэтая шапка шыецца з таньнейшага футра, чым штраймл. Такія шапкі насілі польскія і беларускія хасыды яшчэ 200 гадоў таму назад.

Штраймл носяць толькі жанатыя мужчыны. Выключэньне складаюць толькі некалькі дзесяткаў нашчадкавых іерусалімскіх сем'яў. У гэтых сем'ях хлопчык упершыню апранае штраймл у дзень паўналецьця, бар-міцвы — у трынаццаць гадоў.

[рэдагаваць] Вытворчасьць

Штраймлма́хер (вытво́рца штраймл) — прафэсія рэдкая, перадаецца ад бацькі да сына. У інстытутах гэтаму ня вучаць. Лічыцца, што чужынцы не павінны прысутнічаць пры вырабе гэтых прадметаў. Таму ніколі нельга ўбачыць шыльду «Штраймл» над майстэрняй. Дзьверы майстэрні выглядаюць як дзьверы звычайнай кватэры, нярэдка там налепленыя якія-небудзь плякаты — пашквілі. Разьмяшчаецца майстэрня часта ў склепе, удалечыні ад староньніх вачэй. Шыльда на дзьвярох можа цалкам не адпавядаць мэце ўстановы. Робіцца гэта сьвядома — такая традыцыя. Майстэрні адчыненыя для наведвальнікаў ад 5 да 7 вечара, але прыйсьці туды проста так, з вуліцы, немагчыма. Патрэбна рэкамэндацыя. Лічыцца, што вытворцы штраймл — гэта адмысловая катэгорыя людзей — добрыя, ветлівыя, аматары распавядаць майсы, але калі даходзіць да вытворчых сакрэтаў, яны захоўваюць поўнае маўчаньне. Вытворчыя сакрэты перадаюцца толькі ад бацькі да сына. Праца цалкам ручная, і акружаная таямнічасьцю.

Сёньня вырабляюцца два тыпы штраймлаў — з собаля і таньнейшыя — з «мердэра» (куніца). Да футры прад'яўляюцца адмысловыя патрабаваньні — яно павіннае быць лёгкім, пухнатым, валасінкі не павінныя выпадаць. Пры гэтым трэба ўлічваць і асаблівасьці клімату. Лепшым для штраймл лічыцца цёмна-карычневае футра. Выраб штраймла прадугледжвае мноства апэрацый — ад раскройкі футры да пашыву самой шапкі. Большасьць штраймлаў шыецца на замову для пэўнага кліента, з улікам яго пажаданьняў і магчымасьцяў.

Насуперак распаўсюджанаму меркаваньню, у штраймлы ўлетку ня горача, дзякуючы добрай вэнтыляцыі скураной асновы.

Галоўны сакрэт добрага, дарагога штраймла — лёгкасьць. Справа ў тым, што шкура і футра — даволі важкія, і існуе нямала прафэсійных сакрэтаў апрацоўкі скурак. Яны вытвараюцца адмысловымі рэчывамі, склад якіх захоўваецца ў сакрэце. Працэс гэты даволі доўгі. Такі спосаб апрацоўкі прыняты ў ЗША. Дзякуючы гэтаму спосабу штраймл атрымоўваецца лёгкім, «паветраным», і служыць доўга, не губляючы формы і зьнешняга выгляду. Чым шраймл лягчэйшы, тым ён даражэйшы.

У хасыдаў захоўваюцца штраймлы вядомых адмораў. Гэтыя шапкі ня страцілі свайго выгляду дагэтуль.

Штраймл — прадмет не з танных, ён каштуе ад 1800 да 2500 даляраў, у залежнасьці ад каштоўнасьці футры і спосабу апрацоўкі. Футра становіцца ўсё даражэй, таму і кошты на штраймл нязьменна растуць. Штраймл, які каштаваў 10 гадоў таму назад 1000 даляраў, зараз можа каштаваць удвая больш.

На іншых мовах


aa - ab - af - ak - als - am - an - ang - ar - arc - as - ast - av - ay - az - ba - bar - bat_smg - bcl - be - be_x_old - bg - bh - bi - bm - bn - bo - bpy - br - bs - bug - bxr - ca - cbk_zam - cdo - ce - ceb - ch - cho - chr - chy - co - cr - crh - cs - csb - cu - cv - cy - da - de - diq - dsb - dv - dz - ee - el - eml - en - eo - es - et - eu - ext - fa - ff - fi - fiu_vro - fj - fo - fr - frp - fur - fy - ga - gan - gd - gl - glk - gn - got - gu - gv - ha - hak - haw - he - hi - hif - ho - hr - hsb - ht - hu - hy - hz - ia - id - ie - ig - ii - ik - ilo - io - is - it - iu - ja - jbo - jv - ka - kaa - kab - kg - ki - kj - kk - kl - km - kn - ko - kr - ks - ksh - ku - kv - kw - ky - la - lad - lb - lbe - lg - li - lij - lmo - ln - lo - lt - lv - map_bms - mdf - mg - mh - mi - mk - ml - mn - mo - mr - mt - mus - my - myv - mzn - na - nah - nap - nds - nds_nl - ne - new - ng - nl - nn - no - nov - nrm - nv - ny - oc - om - or - os - pa - pag - pam - pap - pdc - pi - pih - pl - pms - ps - pt - qu - quality - rm - rmy - rn - ro - roa_rup - roa_tara - ru - rw - sa - sah - sc - scn - sco - sd - se - sg - sh - si - simple - sk - sl - sm - sn - so - sr - srn - ss - st - stq - su - sv - sw - szl - ta - te - tet - tg - th - ti - tk - tl - tlh - tn - to - tpi - tr - ts - tt - tum - tw - ty - udm - ug - uk - ur - uz - ve - vec - vi - vls - vo - wa - war - wo - wuu - xal - xh - yi - yo - za - zea - zh - zh_classical - zh_min_nan - zh_yue - zu -